Пра пячэнне

Фабрыка «Слодыч» - самы вядомы ў Беларусі вытворца пячэння.

Мы вырабляем вялізны асартымент – больш за 100 відаў прадукцыі.

Давайце разбярэмся, чым жа адрозніваюцца адзін ад аднаго розныя віды пячэння.

Самае папулярнае – цукровае пячэнне, салодкае і рассыпістае. Сёння мы выпякаем цукровае пячэнне ў вялікім асартыменце – з арахісам і разынкамі, з шакаладам і са смакам таплёнага малака.

Тэхналогія вырабу цукровага пячэння даволі простая. Спачатку падрыхтоўваецца і замешваецца цеста, далей яго раскачваюць і фармуюць. Пасля гэтага адфармаванае цеста праходзіць праз печы, ператвараючыся ў хрусткія пячэнькі, якія астуджваюцца і ўпакоўваюцца ў тару. Адзначым, што ўсе этапы вытворчасці адбываюцца на канвееры ў аўтаматычным рэжыме без удзелу чалавека, які павінен толькі кантраляваць працэс.

Асаблівасць цукровага пячэння ў тым, што яно змяшчае вялікую колькасць цукру і тлушчу. Акрамя гэтага яго можна адрозніць па знешнім выглядзе. Калі на пячэнне нанесены які-небудзь малюнак ці складаны рэльефны ўзор, будзьце пэўныя – гэтае пячэнне цукровае, бо ніякі іншы клас пячэння не дазволіць зрабіць такога. Цеста зацяжнога пячэння занадта эластычнае, а здобнага – рассыпістае.

«Слодыч» - гэта яшчэ і вялікі асартымент зацяжнога пячэння і крэкераў. Яно менш крохкае і змяшчае меншую колькасць цукру.

Асаблівасць тэхналогіі вырабу – 8-кратнае наслаенне пластоў цеста адзін на аднаго. Пасля гэтага адбываецца каліброўка таўшчыні цеста і яго фармоўка.

Зацяжное пячэнне, у адрозненні ад цукровага, змяшчае менш цукру і тлушчоў. Шмат каму яно можа быць вядомае пад назвай «Марыэрта» фабрыкі «Слодыч». Цеста, якое выкарыстоўваецца для вырабу зацяжнога пячэння, слаістае, мае меншую крохкасць і здольнасць набрыняць. На яго немагчыма нанесці складаны малюнак. Як правіла, такое пячэнне проста ўсейваюць кропачкамі або наносяць лёгкія ўзоры і надпісы. Вільготнасць зацяжнога цеста амаль у 1,5 разы вышэй, чым у цукровага цеста, а колькасць цукру, што яно змяшчае, амаль у 2 разы меней. Каб адрозненні былі больш зразумелымі, прывядзём прыклад: калі макнуць зацяжное пячэнне ў халодную ваду – чакаць, пакуль яно размокне, будзеце нашмат даўжэй, чым калі б гэтае пячэнне было цукровым.

Здобнае пячэнне можа пахваліцца разнастайнасцю відаў і формаў. Але галоўнае – гэта, вядома ж, смак – як у хатняй выпечкі, якую мы памятаем з дзяцінства.


Цеста, якое выкрастоўваецца для вырабу такога віда пячэння, не мае дакладнай рэцэптуры. Таму здобнае пячэнне можа быць пясочным, слоеным, збіўным ці аўсяным. Дарэчы, як па смаку, гэтак і па знешнім выглядзе здобнае пячэнне вельмі нагадвае пячэнне хатняй выпечкі. Напрыклад, пячэнне «Да Падвячорка». Тэхналогія вырабу таксама разнастайная – некаторыя віды робяць аналагічна цукроваму. А некаторыя віды ласунку мы вырабляем уручную, клапаліва захоўваючы рэцэпты сярэдзіны мінулага стагоддзя, каб вы маглі атрымаць асалоду ад смаку пячэння, зробленага «як дома, як для сябе».

Мы ўвесь час эксперыментуем, ствараючы новыя віды прадукцыі, якія падораць Вам радасць.

Мы любім сваю справу і ствараем прадукт для вас, як для самых блізкіх, як для сябе.